СІЛАВО́Е ПО́ЛЕ,

частка прасторы (абмежаваная ці неабмежаваная), у кожным пункце якой на змешчаны там матэрыяльны пункт (часціцу) дзейнічае вызначаная сіла. Характарыстыкі С.п. могуць залежаць толькі ад каардынат (стацыянарнае С.п.), ад каардынат і часу (нестацыянарнае С.п.) ці мець пастаяннае значэнне ва ўсіх пунктах С.п. (аднароднае С.п.), незалежнае ад каардынат і часу.

С.п., у якім работа сіл поля, што дзейнічаюць на рухомую часціцу, залежыць толькі ад пачатковага і канцавога месцазнаходжанняў гэтай часціцы і не залежыць ад віду яе траекторыі, наз. патэнцыяльным, кожны пункт якога характарызуецца пэўным значэннем патэнцыялу. Напр., гравітацыйнае поле, электрамагнітнае поле. Работу сіл такога поля можна выразіць праз патэнцыяльную энергію часціцы U(x, y, z): A = U(x1, y1, z1) − U(x2, y2, z2), дзе x1, y1, z1, і x2, y2, z2 — каардынаты пачатковага і канцавога пунктаў траекторыі часціцы адпаведна. Гл. таксама Поле фізічнае.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)